У гэтым годзе Беларусь адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях да вызвалення пачаўся ў 1943-м, калі ў выніку правядзення Смаленскай, Бранскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Лепельскай, Гомельска-Рэчыцкай аперацый былі вызваленыя першыя гарады Беларусі.
Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Галоўным сродкам насаджэння тут свайго «новага парадку» нацысты абралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Гітлераўцы чынілі нечуваныя зверствы, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Канцлагера, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго ў межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Толькі ў адным з іх, Трасцянецкам, загінулі 206,5 тыс. чалавек.
Але ніякімі рэпрэсіямі акупанты не маглі зламаць волю беларускага народа да вызвалення. Свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі «рэспублікай-партызанкай». За тры гады гераічнай барацьбы ў тылу ворага патрыёты Беларусі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Іх подзвіг назаўжды застанецца ў памяці народнай.
Летам 1944 года Чырвоная Армія працягнула вызваленне рэспублікі ў ходзе Беларускай аперацыі пад кодавай назвай "Баграціён". Аперацыя «Баграціён» пачалася 23 чэрвеня 1944 года. Яе ажыццяўлялі войскі 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я армія Войска Польскага, партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі на акупаванай ворагам тэрыторыі рэспублікі. Войскамі камандавалі славутыя савецкія военачальнікі - Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, генералы арміі І.Х. Баграмян, Г.Ф. Захараў, І.Д. Чарняхоўскі. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання Маршалы Савецкага Саюза А.М. Васілеўскі і Г.К. Жукаў.
Але перамога дасталася дарагой цаной. Страты былі празмернымі, справядлівасць патрабуе гэта прызнаць. У ходзе наступлення войскі чатырох франтоў страцілі 765 815 чалавек забітымі, параненымі, зніклымі без вестак, што складае 48,8% іх агульнай колькасці да пачатку аперацыі. Беззваротныя страты склалі 178 507 чалавек. З 23 чэрвеня па 29 жніўня франты страцілі 2957 танкаў і САУ, 2447 гармат і мінамётаў, 822 баявых самалёта і 183,5 тыс. адзінак стралковай зброі. Асабліва вялікія страты ў асабістым складзе і ваеннай тэхніцы панеслі войскі ў першыя дні аперацыі - пры прарыве абароны і фарсіраванні рэк Заходняя Дзвіна і Днепр, а таксама на заключным этапе наступу - пры фарсіраванні рэк Вісла, Нёман, Нараў, пры адбіцці контрудараў ворага ў Прыбалтыцы, у раёнах Мангушева і Пулавы. З 23 чэрвеня і да канца ліпеня, калі ішла барацьба за вызваленне Беларусі, савецкія войскі страцілі 440 879 чалавек, у тым ліку забітымі 97 232 чалавекі.
Такія страты ў асабістым складзе тлумачыліся упартым супрацівам суперніка, моцай яго абароны, цяжкасцямі фарсіравання многіх рэк, неэфектыўнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкай, нездавальняючымі дзеяннямі 5-й гвардзейскай танкавай арміі, дрэнным узаемадзеяннем войскаў з авіяцыяй і партызанамі. Яны былі абумоўлены таксама недахопамі ў баявой падрыхтоўцы воінаў, закліканых у дзеючую армію падчас самой аперацыі. Так, былыя партызаны, падпольшчыкі, а гэта была ў асноўным моладзь прызыўнога ўзросту, пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі адразу ж ўліваліся ў часці і злучэнні Чырвонай Арміі; нярэдка паспешліва, з ходу, без належнай ваеннай падрыхтоўкі іх кідалі ў бой. Выяўляючы смеласць і адвагу, яны, тым не менш, не валодалі тактычным майстэрствам, таму сярод іх і былі неапраўдана вялікія страты, у чым вінавата і камандаванне.
У цэлым аперацыя па задуме, маштабах, эфектыўнасці і значнасці займае асаблівае месца і ўяўляе важную частку ў айчыннай і сусветнай гістарыяграфіі ваеннага мастацтва.
У ААТ «Белсувязьбуд» распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, накіраваных на паляпшэнне сацыяльна-эканамічных умоў жыцця інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.