(Да 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў)
Матэрыял падрыхтаваны Акадэміяй кіравання
пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
на аснове звестак
рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання,
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Кіраўнік дзяржавы А. Р. Лукашэнка 19 красавіка 2019 г. у сваім звароце са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь асабліва адзначыў: «Памяць пра Вялікую Айчынную вайну для нас непарушная і сьвятая. Так, наша гісторыя пачалася больш за тысячу гадоў таму, але яна цалкам магла б скончыцца ў саракавыя гады мінулага стагоддзя, калі б не гераізм нашага савецкага народу».
Паводле слоў беларускага лідэра, «у дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў мы будзем адзначаць важную для нашай краіны, для нашай дзяржаўнасці дату. Дату, якая стала сімвалам незалежнасці і свабоды роднай зямлі. У гэты знакавы год нам трэба будзе падарыць краіне яркія мірныя перамогі... Галоўныя прыярытэты - дабрабыт народа, міралюбная знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. Гэта - тры слупа ўпэўненага курсу нашай краіны».
У XXI стагоддзі спадчына агульнай Перамогі 1945 года служыць трывалай асновай для развіцця добрасуседскіх адносін паміж краінамі і народамі, сумеснага пераадолення глабальных выклікаў і пагроз.
Фашысцкая агрэсія. Беларусь у гады нямецкай акупацыі
Самыя драматычныя падзеі пачатковага перыяду вайны разгуляліся на беларускай зямлі. Менавіта ў Беларусі гітлераўцы сустрэлі супраціў, якога не зведалі ні ў адной з ваенных кампаній у Еўропе.
Першымі ворага сустрэлі пагранічнікі. Ні адна з застаў не здалася ворагу і не пакінула свой участак без загаду. Цэлы месяц працягвалася гераічная абарона Брэсцкай крэпасці.
Даведачна.
Паспяховая ваенная аперацыя вермахта супраць Дацкага каралеўства працягвалася ўсяго 6 гадзін. Люксембург гітлераўцы акупавалі за суткі. Нідэрланды былі выведзеныя з вайны за 5 дзён.
У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адным з першых прыкладаў сапраўды ўсенароднай абароны з'яўляецца бітва за г. Магілёў у ліпені 1941 года.
14 ліпеня пад Оршай супраць ворага былі ўпершыню ўжытыя савецкія рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша».
У вельмі цяжкіх умовах з Беларусі ўдалося эвакуіраваць у Паволжа, на Урал, у Сібір і Сярэднюю Азію больш за 1,5 млн. чалавек, абсталяванне буйных прадпрыемстваў і машынна-трактарных станцый.
Крыніца : https://minsk.gov.by/ru/actual/view/209/2019/inf_material_2019_06.shtml